ТРО́КСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1413—1795. Цэнтр — г. Трокі. Утворана на тэр. Трокскага княства і Гарадзенскага княства пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413. Былі ўведзены пасады трокскіх ваяводы і кашталяна, якія па значэнні лічыліся другімі пасля пасад ваяводы і кашталяна віленскіх. У склад Т.в. ў 15 ст. ўваходзілі паўн., цэнтр. і паўд. часткі Літвы, прынёманскія землі Беларусі, Берасцейская зямля, Новагародская зямля, Падляшша, Кобрынскае княства, Пінскае княства, Давыд-Гарадоцкае княства, Тураўскае княства. Гэтыя княствы, Берасцейская, Новагародская землі, Падляшша і Ковенскі павет мелі самастойнае ад ваяводы кіраванне. На У Беларусі ў Т.в. ўваходзіла палова Бабруйскай воласці. Пасля ўтварэння ў 16 ст. Навагрудскага, Падляшскага і Брэсцкага ваяводстваў тэр. Т.в. значна паменшылася. У 16—18 ст. у Т.в. ўваходзілі Трокскі, Ковенскі, Упіцкі пав., Гродзенскі павет. Пасля Люблінскай уніі 1569 ваявода і кашталян трокскія засядалі ў Сенаце Рэчы Паспалітай. Паводле перапісу 1775 на тэр. Т.в. было 55 614 «дымоў». Паводле пастановы Гродзенскага сойма 1793 Гродзенскі пав. і створаны ў 1791 Мерацкі пав. пераўтвораны ў Гродзенскае ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай указам Кацярыны II ад 25.12.1795 асн. частка Т.в. ўвайшла ў склад Віленскай губ., рэшта — у Слонімскую губ.
А.П.Грыцкевіч.
т. 15, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)